Арнсберг - город для всех поколений. Старение в будущем: сформируем условия в...
ІІ. Марыя Булавінская “Апошні вялікі літоўскі абозны Караль Прозар”
1. Апошні вялікі літоўскі абозны Караль Прозар
Быць апошнім заўсёды цяжка, асабліва калі твая краіна скончыла апошнія свае гады
існавання. А становіцца яшчэ складаней, калі апошні чалавек пакідае надзею і веру
ў лепшую будучыню. Да шчасця, такое здараецца вельмі рэдка, бо заўсёды будуць людзі,
якія нават у самыя складаныя часы знойдуць у сябе сілы для змагання за сваю
Бацькаўшчыну. А калі змаганне не прывядзе да чакаемых вынікаў, усё роўна застанецца
ўпэўненасць, што хтосьці пойдзе па іх следу і завяршыць пачатую справу да
больш паспяховага канца. Сярод пачынальнікаў гэтай справы быў і апошні вялікі
літоўскі абозны Караль Прозар, які верай і праўдай служыў сваёй Айчыне.
Пра яго складаліся легенды, пісаліся літаратурныя творы. У народнай памяці ён
заставаўся мужным сынам сваёй зямлі, які дбаў аб сваім крае. У той час, калі ўсе тытулы
Рэчы Паспалітай былі ліквідаваны расійскімі ўладамі, яго працягвалі тытуляваць апошнім
абозным літоўскім: “Як Абозны памёр, то людзі журыліся хто ж цяпер
будзе ў нас Абозным”.1
Нарадзіўся Караль у 1759 г. у заможнай сям’і Прозараў. На
тэрыторыі ВКЛ род Прозараў узгадваецца з сярэдзіны ХVІІ ст. на землях Ковенскага,
Трокскага і Віленскага ваяводств. Прысутнасць на ўласным гербе Прозараў мітры кажа аб
прэтэнзіях роду на княжацкі тытул.2 Па легендзе, род Прозараў паходзіў ад рускіх князёў
Празароўскіх, якія прыбылі з Масквы ў ВКЛ яшчэ ў ХVІ ст.3 Прозары мелі буйныя
ўладанні на тэрыторыі Віленскага ваяводства, а ў сярэдзіне ХVІІІ ст. Юзаф Прозар –
бацька Караля, маёр войск літоўскіх, ковенскі стараста, ваявода віцебскі, будучы кавалер
ордэна св. Станіслава, ажаніўся ў другі раз на Аляксандры Заранкоўне і атрымаў яе пасаг
– маёнтак Дудзічы, што размяшчаўся ў Ігуменскім павеце.
Большую частку свайго дзяцінства і юнацтва Караль Прозар разам з сваім братам
правёў у Дудзічах, у якіх яго бацька пабудаваў вялікую сядзібу.
Выхоўваліся браты ў вялікай строгасці, якую збольшага ствараў іх бацька Юзаф.
“Ваяводзічы ад самых ранніх гадоў мусілі насіць з сабой нястомна шаблю, бо
паходзілі з рыцарскага стану, і павінны былі са зброяй у руках пільна сачыць і днём і
ўначы за бяспекай свайго краю”.4 Аднойчы Юзаф Прозар даведаўшыся, што яго сыны
паехалі ў госці без карабель, адправіў за імі гайдукоў, каб дагналі іх і з засады напужалі
хлопцаў кіямі. Гэты выпадак вельмі ўразіў маладых панічаў, якія па сапраўднаму
задумаліся аб настаўленнях бацькі.
Сядзіба ў Дудзічах (Дудуткі)
Як адзначаюць гісторыкі, Юзаф Прозар быў чалавекам “вялікай фартуны, спартанскіх
звычаяў, выключнага розуму і нязломнай волі”. Юзаф адносіўся да тых шляхціцаў, якія
не любілі модных тэндэнцый, што панавалі ў эпоху Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ён
насіў традыцыйную шляхецкую вопратку з колерамі віцебскага ваяводства:
пунсовы кунтуш з гранатавымі вылётамі. Як віцебскі ваявода, ён меў
вялікую папулярнасць, бо яшчэ па прывілеям Аляксандра Ягелончыка і Жыгімонта
І гэтая пасада з’яўлялася выбарнай. На той час, калі жыў Юзаф Прозар, яго жыццёвыя
прынцыпы, арыентаваныя на захаванне старадаўніх традыцый шляхецкага жыцця,
лічыліся дастаткова старамоднымі і архаічнымі. Ва ўяўляннях
Юзафа шляхціц яго часоў згубіў сваю годнасць, бо паступова адмаўляўся ад
сваіх галоўных функцый абаронцы дзяржавы. І таму, Юзаф Прозар рабіў усе намаганні
каб выхаваць з сваіх дзяцей сапраўдных рыцараў Рэчы Паспалітай.5
2. Зусім нядоўга Юзаф Прозар пражыў з сваёй другой жонкай, якую ён бязмерна кахаў.
Пасля яе смерці Юзаф ажаніўся трэці раз на княжне Шуйскай – аўдавелай гаспадыняй
маёнтка Хойнікі. У княжны Шуйскай, як і ў Юзафа Прозара, ад
першага шлюбу засталіся дзеці. Па воле лёсу прыгожая яе дачка Людвіка
Шуйская і перспектыўны на той момант сын Юзафа Караль пакахалі адзін аднаго
і ў хуткім часе з дазволу бацькоў ажаніліся. Гэта каханне было на столькі моцнае,
што і ў сярэдзіне ХХ ст. яно стала ўсім вядомым праз аркуш паперы, які захаваўся як
памяць аб вялікім пачуцці. Але аб гэтым пазней.6
Ажаніўшыся на Людвіцы і атрымаўшы яе маёнткі, Караль Прозар пачаў тытуляваць
сябе графам у Хойніках і Астраглядавічах. Стварыўшы сям’ю, Караль атрымаў
высокую пасаду літоўскага абознага, якім ён стаў у 1787 г. Яшчэ ў 1782 г. Караль
адзначаецца дэпутатам да Трыбунала, а ў 1787 г. яго маршалкам.7
У цяжкія 90-ыя г. XVIII ст., калі над Радзімай павісла пагроза знікнення яе
незалежнасці, Караль Прозар не адступіў ад яе і ўзяўся за яе абарону. У гэты час у Рэчы
Паспалітай з’явілася сіла, якая выступіла за ўмяшанне Расійскай імперыі ва ўнутраныя
справы Рэчы Паспалітай. Прыхільнікі прарускай палітыцы ўтварылі гэтак званую
Таргавіцкую канфедэрацыю, прадстаўнікі якой выступілі супраць ліберальных рэформ,
якія спрабавалі ажыцявіць найбольш прагрэсіўныя колы краіны. У 1792 г. у Рэчы
Паспалітай разгарнулася вайна, у якую таргавічане прыцягнулі на свой бок рускія войскі.
Аб тагачасных падзеях і ўдзеле ў іх Караля Прозара ў перыядычным выдынні “Веснік
Еўропы” былі напісаны наступныя звесткі: “... одиннацатаго (1792 г. - Аўт.) въ Хойны,
имение пана Прозара, съехались обыватели поветовъ: мозырскаго, речицкаго и
овруцкаго… 12-го июня, на разсвете выпалили изъ пушек. Въ 10 часовъ хозяева роздали
приезжимъ гостямъ знаки: мужчинамъ кокарды изъ двухцветныхъ лентъ (зеленаго з
белымъ), а дамамъ белыя; на нихъ была надпись: “король, законъ и отечество”.8
У самы безвыходны час Караль Прозар спрабаваў стварыць асобы паляўнічы аддзел,
які ўступіў бы ў барацьбу з праціўнікамі. Але ўсё было марным – вайна была
прайграна і рускія разам з Прусіяй учынілі другі падзел Рэчы Паспалітай, па якому да
Расійскай імперыі адышла цэнтральная частка Беларусі. Адышлі да імперыі і ўладанні
Караля Прозара Хойнікі і Астрагляды9.
Вялікая роспач апанавала тых, хто спачуваў няшчасцям сваёй
Радзімы. Адзіная надзея заставалася на паўстанне, за падрыхтоўку
якога неадкладна ўзяўся Караль. Па гістарычным крыніцам вядома,
што Караль Прозар быў вымушаны даць прысягу на вернасць імператрыцы Кацярыне ІІ,
але яна, зразумела, была не зусім шчырай. З допытаў расійскіх уладаў на смаленскім
следстве былі атрыманы наступныя звесткі: “Прозор уехал в последних числах февраля
(1794) ночью тайно в Вильню, где Доминик Оскерка и Косинский, который у Прозора
находился или находится секретарем будто, пели французские песни и поощряли к
революции народ. Что Косинский, возвратясь в Хойники, беспрестанно ездил к аббату и
к Вечфинскому и какие-то пересылал письма и что Прозор, возвратись пред светлым
воскресеньем, так как он слышал от российских офицеров, которые его искали, намерен
был взволновать Пинскую бригаду, чтоб оная шла делать в Мозырском повете
революцию”10.
Караль Прозар разам з сваімі аднадумцамі пачаў збор сродкаў на паўстанне. Сродкі
збіраліся па ўсяму Вялікаму княству Літоўскаму. Па некаторых звестках, Караль Прозар
уваходзіў у тайнае таварыства ў Гродне, мэтай якога было ўтрыманне лаяльнасці народа
3. да паўстання. Галоўнымі начальнікамі ў таварыстве ад Кароны быў ксёндз Калантай, а ад
Літвы літоўскі абозны Караль Прозар11.
А ў гэты час, калі актыўна адбывалася падрыхтоўка да паўстання, будучы яго кіраўнік
Тадэвуш Касцюшка дамагаўся атрымаць дапамогу ў Францыі. Аднак, Францыя сама
знаходзілася ў складаных унутраных і знешніх абставінах і не магла істотна падтрымаць
паўстанне. Будучы вопытным вайскоўцам, Касцюшка вырашае перанесці дату паўстання з
лістапада 1793 г. на вясну 1794 г. Такое рашэнне ў Вільні было прынята не адназначна.
Многія лічылі, што ВКЛ падрыхтавана падняць паўстанне, а ўсе неабходныя сілы для
гэтага сабраныя. “Адныя хацелі без аніякага кіраўніка напасці на замак падчас публічнай
аўдыенцыі і там выцесніўшы Маскалёў пачаць работу па перадачы эстафеты іншым
ваяводствам, іншыя хацелі ўзяць начальнікам Прозара”, адзначае сучаснік падзей.12 Яшчэ
перад гэтым Караль Прозар атрымаў у Хойніках прашэнне ўзначаліць паўстанне. Не
жадаючы складаць канкурэнцыю больш вопытнаму Касцюшке, Прозар вырашыў паехаць
у Дрэздан (горад, дзе ў гэты час знаходзіўся Касцюшка) і пераканаць яго ў неабходнасці
пачаць паўстанне як мага хутчэй. Існуе легенда, што Караль Прозар з пісталетам у руках
пагражаў застрэліцца, “калі Касцюшка і далей трываць будзе ў справе ратавання
Айчыны”13. Касцюшка быў вымушаны пайсці на кампраміс – паўстанне павінна
адначасова ўспыхнуць у Польшчы і ў Вялікім княстве Літоўскім.
Фармальна паўстанне ў ВКЛ пачалося 16 красавіка 1794 г. на 22 дня пазней
чым у Польшчы. Яшчэ да гэтай даты, царскі ўрад ўчыніў асобы нагляд за
Каралем Прозарам, каб не дапусціць магчымасці яго ўцёкаў. Але, нягледзячы на ціск
уладаў, у Прозара атрымалася далучыць да паўстання не толькі мясцовую шляхту
Оўруцкага і Мазырскага паветаў, дзе меў свае маёнткі, а і сялянскае насельніцтва
гэтых паветаў14.
У ходзе паўстання 18 ліпеня Караль Прозар па ўказанню Т. Касцюшкі быў назначаны
ў склад Найвышэйшай Народнай Рады ад Літвы. Прозару былі нададзены
паўнамоцтвы галоўнакамандуючага войскамі Княства. Некаторыя гісторыкі лічаць,
што Касцюшка лічыў яго сваім пераемнікам і ў выпадку сваёй смерці ці
паланення завяшчаў яму кіраўніцтва ў паўстанні15.
Нажаль, паўстанне не прывяло да чаканых вынікаў. Браты Караля Прозара былі
затрыманы расійскімі ўладамі, якім яны заявілі, што адмаўляюцца ад ідэй
паўстання і тое ж самае прымусяць зрабіць і Караля. Аднак, у гэты раз Караль у роспачы
за сваю Бацькаўшчыну з’яжджае за мяжу. Аб ўдзеле Караля ў паўстанні яшчэ
доўгі час нагадвалі народныя гісторыі, у якіх ён быў мужным патрыётам і героем.
У будучым Рэчыцкім павеце (у ХІХ ст.) знаходзіўся востраў, які мясцовыя жыхары
празвалі княжым. Народ распавядаў, што Караль Прозар не могучы злучыцца
з лагерам Касцюшкі, доўгі час хаваўся там: “Ён там жыў бы начэ князь”. Размяшчалася на
востраве студня, якую сяляне ў гонар Караля празвалі Прозараў16.
Нават пасля паразы паўстання 1794 г. Караль Прозар не згубіў надзею на лепшую
будучыню сваёй Радзімы. Змаганне за яе незалежнасць працягнулася ў эміграцыі. На той
момант большасць эмігрантаў з Рэчы Паспалітай прыняла рэвалюцыйная Францыя,
дзе развярнулася актыўная палітычная дзейнаць сярод ліцвінаў і палякаў, якія прагнулі
аднаўлення сваёй дзяржавы. Аднак, сярод эмігрантаў, нажаль, не было адзінства.
Склалася, дзве плыні ў эмігранцкім коле пад назвамі Агенцыя і Дэпутацыя. Караль
Прозар належыў да гэтак званай Агенцыі. 4 верасня 1797 г. Караль Прозар быў сярод тых,
хто прапанаваў праект утварэння канстытуцыйнага сойму ў Медыялане17.
4. Пасля непаспяховай дзейнасці ў Парыжы Караль Прозар з’яжджае ў Вену, а
потым і Венецыю. Там ён спрабаваў стварыць легіёны для барацьбы з Аўстрыяй.
У 1802 г. імператар Расійскай імперыі выдаў амністыю ўсім паўстанцам 1794 г.
Караль Прозар з вялікай радасцю вярнуўся на Радзіму ў Хойнікі, дзе нейкі час спакойна
жыў у чаканнях новых магчымасцяў для сваёй патрыятычнай дзейнасці. І вось, з
трыўмфальнымі паходамі Напалеона, шляхта пачала ўскладаць на яго асобыя
спадзяванні ў аднаўленні незалежнасці сваёй дзяржавы. Напалеон Банапарт стаў
усеагульным кумірам, у якім многія бачылі вызваліцеля тэрыторый Польшчы і ВКЛ ад
заваёўнікаў. У сваім лісце да Юзафа Выбіцкага 17 ліпеня 1807 г. Прозар пісаў: “Цешыліся
найпрыгажэйшым станам нашай Айчыны надзеямі, пакланяліся таму хто мог яе
выратаваць… сёння ўпалі да роспачы. Няўпэўненасць лёсам сваёй Айчыны становіцца для
мяне невыноснай”18. Як бачна, у словах Караля Прозара акрамя надзеі гучалі і ноты
няўпэўненасці. Але гэтую няўпэўненасць у выніку перамагала вялікае жаданне зрабіць усё
магчымае для шчаслівага жыцця на сваёй зямлі. У гэты ж час існавала магчымасць, што
ліберальны імператар Александр І зможа даць Літве аўтаномію, якую атрымала
Герцагства Варшаўскае ў 1807 г. Палітычны дзеяч Міхал Клеафас Агінскі вёў перамовы
на конт гэтага з імператарам, тым самым адцягваючы многіх ліцвінаў ад уплыву
Напалеона. Аднак, гэтыя планы не здзейсніліся. Апошні літоўскі абозны адзначаў, што
скланенне да боку Расійскай імперыі можа прывесці да цывілізацыйнага забойства
Радзімы і таму ён прыняў актыўны ўдзел у вайне 1812 г. на баку Напалеона19.
28 чэрвеня 1812 г. Напалеон увайшоў са сваім войскам у Вільню. Караль Прозар,
як і многія іншыя шляхціцы, з радасцю і захапленнем вітаў французскіх вайскоўцаў,
бо ўжо 1 ліпеня было адноўлена Вялікае княства Літоўскае
незалежнае ад Герцагства Варшаўскага. На тэрыторыі ВКЛ быў створаны Часовы ўрад,
у склад якога ўвайшоў і Прозар. У хуткім часе ён стаў старшынёй яго
скарбовага камітэту. Ва ўмовах вайны пачалася адбудова дзяржавы, арганізацыя
адміністрацыі, фармаванне войска. Аднак надзеі хутка былі зруйнаваны. Напалеон
атрымаў паразу ад Расіі, а Караля Прозара зноўку чакала жыццё ў эміграцыі як
палітычнага злачынца Расійскай іперыі.
Доўгія гады жыцця ў выгнанні не спынілі ранейшыя імкненні Караля Прозара. Пасля
чарговай амністыі ён зноўку вяртаецца на Радзіму, дзе ў 1821 г. уступае ў Патрыятычнае
таварыства. Галоўнай яго мэтай было аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У
1823-24 г. Патрыятычнае таварыства праводзіла перамовы з Паўднёвым
таварыствам дзекабрыстаў аб агульным супрацоўніцтве на ўмовах перадачы
дзекабрыстамі беларускіх зямель для аднаўлення польска-літоўскай дзяржавы. Караль
Прозар быў выкрыты ў сувязі з дзекабрыстамі і ў 1826 г. пасаджаны ў Петрапаўлаўскую
крэпасць20. Жонка Караля Прозара Людвіка Шуйскага нічога не ведала аб тым, што яе
муж знаходзіцца ў Пецербурге і думала, што Караля трымаюць ў зняволенні ў Варшаве.
Людвіка наважылася ехаць туды, але далей Брэста яе не пусцілі. Там яна і памерла,
недачакаўшыся два гады да вяртання мужа з заключэння21.
Караль Прозар вярнуўся ў свой маёнтак Хойнікі ў 1829 г. Вялікую страту адчуў у
сваім сэрцы Караль, калі даведаўся аб смерці сваёй жонкі. Труну з яе рэшткамі ён
перавёз у Хойнікі, дзе на яе магіле насыпаў вялікі курган, такі ж самы, які быў насыпаны
на магіле Тадэвуша Касцюшкі. У 1965 г. гэты помнік быў зруйнаваны. На месцы
пахавання Людвікі Шуйскай былі знойдзены ўрэцкая бутля, у якой знаходзіліся залаты
дукат і два злотых. У шкляной бутле таксама быў пергамент з наступнымі словамі:
"Турэмны і тыранскі лес, які трымаў мяне ў жорсткай няволі за інтарэсы радзімы, не
дазволіў мне раней аддаць табе апошні доўг. Страціўшы цябе, я і дзеці мае агарнуліся
5. вечным і бясконцым смуткам..." Пад гэтымі словамі падпісаліся Караль Прозар, яго дзеці і
ўнукі22.
Апошнія свае гады Караль Прозар правёў у Хойніках. Існуюць звесткі, што будучы
ўжо дастаткова старым, ён спрабаваў узначаліць паўстанне 1830-31 гг. у Рэчыцкім,
Мазырскім і Оўруцкім паветах, праводзіў прапагандыйскую працу па далучэнню да
паўстання мясцовых сялян. Таксама існуе меркаванне, што Прозар
уваходзіў у літаратурны гурток знакамітага драматурга Францішка Карпінскага,
які завяшчаў Каралю свае ўспаміны. У адной з прац польскага гісторыка жыццёвы шлях
Караля Прозара апісваецца наступным чынам: “Яго жыццё, поўнасцю адданае Айчыне,
прыпынТілася ў Хойніках, 1 лістапада (20 кастрычніка) 1840 г. Згас, як жыў, не шукаючы
славы для сябе, але адзінага дабра і шчасця для Айчыны. … дэвізам усяго яго жыцця
было: “ut sit bene patriae”23.
Марыя Булавінская